Назву выставе далі словы неглюбскай майстрыхі Настассі Іванаўны Грыньковай. Яна сказала так, калі вучыла ўзорнаму ткацтву "першае пакаленне" навуковых супрацоўнікаў Веткаўскага музея. Мы зноў паказваем ручнікі, на гэты раз толькі бранай тэхнікі ткацтва. Менавіта гэтая тэхніка захавала старажытныя ўзоры-знакі. Многім з іх - больш за чатыры тысячы год. Болей за тое, кампазіцыі арнамента маюць пэўныя паслядоўнасці такіх знакаў-сімвалаў, дзе ацалеў сапраўдны архаічны "сінтаксіс".

Мэта выставы - паспрабаваць зноў "прачытаць" гэтыя знакі і самі тканыя "тэксты"! Семантыка (значэнне, сімволіка) арнамента - захапляе, бо дазваляе адправіцца ў падарожжа па часе, у тыя самыя глыбіні тысячагоддзяў. Тады, падчас вялікіх адкрыццяў земляробства, чалавек параўнаўся з багамі, бо пачаў, як і яны, ствараць цуд жыцця: сеяць зерне і гадаваць ураджай. Аратай узяў на сябе вялізную і магічную справу: гаварыць з богам-небам і багіняй Маці-Сырой-Зямлёй, прызываючы іх да жыватворнага шлюбу-злучэння, што адбываецца падчас вясновага дажджу з сонцам і громам. Гаварыць для багоў - пець-гукаць, напрыклад, выклікаючы дождж… Гаварыць для іх - вадзіць карагоды, падчас руху ствараючы крокамі геаметрычныя вялікія фігуры-сімвалы: бачныя небу і чутныя зямлі. Вось чаму ўсё жыццё нівы літаральна "акружана" кругамі-абрадамі, гэта цыклы-колы на працягу ўсяго года. Гэта адвечная размова, дыялог з багамі.

І ручнікі - частка такой размовы, бо на іх - таксама геаметрычныя культавыя сімвалы. Крыжы і Ромбы былі формуламі неба і зямлі, агню і вады, Айца і Маці… Злучэнне крыжоў і ромбаў сімвалізавала шлюб, сяўбу, кожны добры пачатак, дзе зачыналася жыццё: хлеба, жывёлы, чалавека, нават добрай справы ці наогул думкі, твору - усяго, што ствараецца! Цэлыя шэрагі "жаноцкіх" ромбаў з розным "начыннем" і рознымі парасткамі прысвечаны асобным "узростам" жанчыны-зямлі-нівы. Повязь жаноцкага лёсу з зямлёй налічвае тыя ж тысячагоддзі. Такая глыбіня памяці ў традыцыйнай культуры! Таму гэта ж - знакі дзяўчынкі-дзяўчыны-жанчыны-маці-старой… для ўсяго кола жыцця.

Самае цікавае, што спадчына таго часу – ва ўсіх нашых сучасных мовах культуры.

Падчас працы выстаўкі будзе арганізаваны шэраг лекцый і майстар-класаў па семантыцы арнаменту, па сімволіцы тэхналогій ткацтва, па чытанню ручніка як своеасаблівага тэкста, і гэтак далей. Чакаем у госці!

Адкрыццё выставы адбудзецца 9 мая (чацвер) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика