8 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава "Кераміка і ЭТНАбатаніка".

Аснова новай выставы мае тры складнікі:
• аўтарская кераміка майстрыхі Вольгі Жарнасек і яе светаўспрыняцце раслін;
• неглюбскія ручнікі і асэнсаванне раслінных узораў ткачыхамі;
• народная медыцына і магія праз раслінны свет. 

 Этнабатаніка - гэта народныя веды пра расліны ў культуры пэўнага народа. На нашай новай выставе мы вырашылі паспрабаваць раскрыць магію расліннага свету беларусаў.

Экспазіцыю складаюць аўтарская кераміка з адбіткамі тутэйшых раслінак ад майстрыхі Вольгі Жарнасек, неверагодныя неглюбскія ручнікі і посцілкі з расліннымі ўзорамі, а таксама фрагменты пасудзін ажно эпохі неаліту, на якіх таксама прысутнічаюць "елачкавыя" і іншыя ўзоры.

"Часам мне здаецца, што посуд Вольгі валодае звышнатуральнымі якасцямі. Вам кажу як карыстальнік яе посуду", - прадставіў дырэктар Веткаўскага музея Пятро Цалка керамістку Вольгу Жарнасек.

Спадарыня Вольга вырабляе керамічны посуд у палівана-малачонай тэхніцы (*палівы - па-іншаму глазуры). Яна жыве і працуе ў пасёлку Любча (Навагрудскі раён), і на сваім посудзе адбівае любчанскія раслінкі, што растуць недалёка ад 400-гадовага Любчанскага замку.

 Керамістка Вольга Жарнасек:
"Беларускі раслінны свет заўсёды захапляў мяне сваёй прыгажосцю і практычнай карысцю. Сама збіраю зёлкі, выкарыстоўваю іх для лекавання і харчавання сям'і. І аднойчы мне захацелася адбіць нашыя прыгожыя расліны на гліне... Так і з'явілася на свет серыя паліванага-малачонага посуду "Этнабатаніка".
Свой посуд, як і колісь беларускія ганчары, я толькі часткова пакрываю палівамі (зверху і ўсярэдзіне), астатнюю частку апрацоўваю малаком. І пасля абпалу яно надае талеркам прыгожы карычневы колер і флёр архаікі, падобнай да пацямнелага старога посуду...
Для гэтай выставы я адбіла 25 раслін, якімі беларусы здаўна харчуюцца і лякуюцца, якія вельмі шануюць, выкарыстоўваюць у традыцыйных святах і магічных абрадах".

Безумоўна,  не засталіся без увагі і неглюбскія ручнікі, якія вы таксама можаце ўбачыць на нашай новай выставе!

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика