3 мая 2019 г. ў Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава завіталі Людміла Іванаўна Протчанка, якая жыве ў Гомелі і яе стрыечная сястра Таццяна Іванаўна Барынава, якая жыве ў Маскве.

— Я ў Веткаўскім музеі ўжо не першы раз, прыязджала да вас раней, — сказала пасля заканчэння экскурсіі Людміла Іванаўна. — Мы з сястрой вырашылі падарыць музею…

І тут яна разгарнула пакунак. У руках Людмілы Іванаўны, нібыта ластаўка ў гняздзе, раскрыла крылы-рукавы бялюткая кашуля.

— Гэтую кашулю і ручнік вышывала да свайго вяселля наша бабуля. У ёй вянчалася ў лоеўскай царкве, і на гэтым ручніку стаяла разам з мужам. Было ёй тады 18 гадоў, — расказвалі жанчыны. Бабулю звалі: Еўфрасіння Антонаўна Краўчанка, Трэсцьян — па мужу. Вянчалася яна, як відаць, у 1922 г. Нарадзілася бабуля ў 1904 г. у вёсцы Каўпень Лоеўскага раёна. Вышла замуж і пераехала ў в. Грамыкі Пярэдзелкаўскага сельскага Савета. У іншы свет сышла ў 1989 г.

На момант вянчання Еўфрасінні было 18 гадоў. Уявім сабе дзяўчыну такога ўзросту, якая збіраецца выйсці замуж за каханага чалавека. На ручніку, на рукавах вянчальнай кашулі Еўфрасіння вышывае ружы, кветкі любові і кахання. Каля гірляндаў руж — гірлянды з лістоў раслін, пялёстак кветак, і вядома, птушкі каля вершаліны, якія зляцелі з райскага дрэва…

4 мая 2005 г. сышоў у іншы свет Анатоль Сыс.

Яго дзівосныя вершы ружамі палымнеюць на прысаку жыцця:

Да Жэні Янішчыц

Напішыце верш мне пра каханне
з таго свету, бо душа мая,
быццам ружа на магіле, вяне —
хоць дажджынку, толькі пра каханне
перадайце ў крылах жураўля.

Мабыць, не сапраўдны дар паэта,
калі ён не ўмее пакахаць,
і ў жыцці я, па ўсіх прыкметах,
хутка згіну, як на небе ветах,
хаця вам на гэта напляваць.

Вось такія вершы пра каханне,
быццам цень той, па зямлі хаджу,
каб знайсці ад немачы адхланне,
сам сабе шукаю даравання —
райскіх птушак на зары буджу!

(З кнігі: Анатоль Сыс. «Лён», с. 325)

Аўтар тэкста: Л. Раманава
Фота: І. Пташка (Юдзіна)

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика