Даўно ў філіяле музея не ладзілася чагосьці выключнага. Аднак неўтаймоўны загадчык філіяла Пятро Цалка не мог прапусціць цэлы шэраг зімовых святаў і не паклікаць з якой-небудзь добрай нагоды сваіх сяброў пад гасцінны дах філіяла.

Гэткай нагодай стала свята Вадохрышча і звязанае з ім заканчэнне так званых “Крывых вечароў” – часу, калі нельга было працаваць, затое можна было спяваць, танчыць, а таксама варажыць на лёс. А сяброў і гасцей сапраўды прыйшло нечакана шмат. Столькі людзей не збіралі, бадай, ні нашы апошнія лекцыі, ні майстар-класы па танцах разам узятыя.

Распачалася вечарына з невялікага аповеду Пятра Цалкі пра асаблівасці вечароў, што называліся ў народзе “крывымі”, а таксама пра розныя варожбы. Загадчык праілюстраваў трыма рознымі варыянтамі, як раней клікалі ў хату Мароз “есці куццю”. Куцця ж – гарачая і смачная – сапраўды, толькі і чакала, каб яе з’елі: ні Мароз, дык хаця б госці вечарыны.

А госці не прымусілі сябе доўга чакаць. “Гаспадар” Пятро пусціў “куццю-кола”: кожны зачэрпваў па лыжычцы з гаршчка і зычыў нешта добрае ўсім прысутным. Затым куцця трапіла на накрыты стол, але да вячэры госці не праяўлялі імпэту, бо распачаліся выступы гуртоў “Ягорава Гара” і “Млын Сонца”.

Гурт “Ягорава Гара” – частыя ўдзельнікі мерапрыемстваў у нашым філіяле – выступіў няпоўным складам (без салісткі Ірыны), але крыху абноўленым: своеасаблівую атмасферу задае новая ўдзельніца Вара на ірландскай арфе. Падчас ігры дзяўчаты ў зале перадаюць адна адной пасудзіну з зернем, зачэрпваючы адтуль па жменьцы і падлічваючы, цотная ці няцотная колькасць ім трапілася. Гэта прапанаваны гасцям варыянт варажбы, які дазваляе даведацца, ці будзе дзяўчына сёлета ў пары, ці пабярэцца шлюбам.

Яшчэ адны заўсёднікі нашых вечарын – гурт “Млын Сонца” – ужо каля двух гадоў завітваюць да нас сталым складам з 4-х чалавек. Ну і, як звычайна, з цэлай гарой этнічных інструментаў, хаця сёння яны прыхапілі далёка не ўсе. На вечарыне гурт выканаў некалькі песень як з шэрагу апрацовак народных, так і з шэрагу аўтарскіх.

Ну а далей – танцы, танцы і яшчэ раз танцы… Пад вясёлы гармонік нястомнага Віктара Шыпкова і рытм бас-барабана ад музыкі з гурта “Млын Сонца” Цімафея Палуніна. Нягледзячы на выказаныя спадзяванні Пятра Цалкі, навічкам танцы асабліва ніхто не тлумачыў, але ў скокі рваліся нават тыя, хто не ўмее: бачучы гэткую заўзятасць, выстаяць было немагчыма.

Ну а на закуску для самых трывалых у гэты вечар быў прадэманстраваны фільм “Крывыя вечары” Зінаіды Мажэйка. Як і было абяцана – пад гарбатку. Ну а пакуль моладзь піла гарбату, Пятро Цалка ўжо падрыхтаваў новую варажбу для дзяўчат: разгадванне свайго лёсу па расплаўленым, а потым застылым у вадзе вычварнымі формамі воску. Неўзабаве дзеля жарту да справы далучаюцца і хлопцы.

- Ідзі паваражы, - кліча адна з дзяўчат знаёмага хлопца.

- Дык гэта ж дзяўчыны павінны рабіць.

- Ну і што? Тут адзін ужо машыну сабе новую наваражыў.

Так што ў тых, хто прыйшоў на нашу этна-вечарыну, была магчымасць не толькі цудоўна правесці час, але і спрагназаваць сабе добрую будучыню. Заходзьце да нас, бо ў нас весела!

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика