19 лютага 2018 г. у гімназіі г. Веткі, 21 лютага 2018 г. у сярэдняй школе №1 імя А.А. Грамыкі г. Веткі адбыліся святочныя сустрэчы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Яны былі наладжаны супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і супрацоўнікамі Веткаўскай раённай бібліятэкі.

Вучні 8 класа гімназіі мелі магчымасць убачыць фільм Ларысы Шчыраковай, галоўны герой якога - незабыўны Міхась Басякоў, беларус, які нарадзіўся ў Расеі (так казаў ён) у 1965 г. у сям’і "самаходаў". "Самаходы" - беларусы, якія перасяляліся ў Сібір у 1880-1890-я гг., і сёння, жывучы там, кажуць па-беларуску. Здымкі фільма адбываліся ў асноўным на Серыкавай (Каменнай, Чортавай) гары каля пасёлка Чамярня Веткаўскага раёна ў 1911 г., у вёсцы Казацкія Балсуны, у школьных аўдыторыях.

Шкада, мала хто ў нашай краіне чуў беларускія народныя песні ў надзвычай таленавітым выкананні Міхася Басякова. "Калі спяваю, стараюся расквеціць песню", - так казаў Міхась пра свае спевы. Першы фільм пра яго быў створаны Тамарай Варфаламеевай. Пра яго ўнікальную манеру выканання ў свой час казала Зінаіда Мажэйка, вядомы беларускі этнограф, даследчыца песенных народных традыцый Беларусі.

У 2011 г. Міхась Басякоў жыў прыкладна паўгода ў Веткаўскім раёне, працаваў на ферме ў вёсцы Пыхань доярам машыннага даення. Менавіта тады адбыліся сустрэчы з ягоным удзелам, наладжаныя аўтарам артыкула ў гімназіі і сярэдняй школе №1 імя А.А. Грамыкі г. Веткі, а таксама ў Гомельскай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна.

Міхась уразіў усіх, з кім сустракаўся ў той час, шчырасцю, вялікай любоўю да беларускіх народных песень, да роднай зямлі. Варта пачуць аго аповед пра тое, як ён, служачы ў войску ў Казахстане, зберагаў у кішэні… кавалачкі сасновай кары. Яна пахла яму… Радзімай, Беларуссю.

Зусім блізка ад вёскі Пыхань знаходзіцца вёска Прысно, у якой у свой час жыла і вучылася ў Прыснянскай школе Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца, наш першы Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры.

Так, міжволі, узнікла размова пра нашу сучасную беларускую літаратуру. Вучні гімназіі ўслых чыталі ўрыўкі аповесці "Мёртвым не баліць" народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, выдадзеную ў мінскім выдавецтве "Медыял" у 2014 г. Аповесць у гэты раз была выдадзена з узнаўленнем усіх купюр, без цэнзуры. Як вядома, пасля першай публікацыі ў 1966 г. аповесць знаходзілася пад забаронай каля двух дзесяцігоддзяў.

У Міжнародны дзень роднай мовы я віншавала вучняў і настаўнікаў са стагоддзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якое хутка будзе адзначацца.

Мова і дзяржаўнасць цесна звязаны паміж сабой. У 1915 г. у Беларусі з’явіліся першыя беларускамоўныя пачатковыя школы. У Вільні ў 1918 г. была надрукавана першая граматыка беларускай мовы. 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана першая самастойная беларуская дзяржава - Беларуская Народная Рэспубліка (скарочана - БНР). Якраз пасля яе ўзнікнення ўпершыню беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай. Варта памятаць пра тое, што ўлады царскай Расіі юрыдычна скасоўвалі беларускую мову.

У 1839 г. у цэрквах была забаронена казань на беларускай мове.

У студзені 1864 г. выйшла распараджэнне Міністэрства асветы Расіі, паводле якога беларускім вучням забаранялася ў сценах навучальных устаноў нават паміж сабой размаўляць на роднай мове.

У 1867 г. было забаронена друкаванне любога роду літаратуры на беларускай мове.

У студзені 1959 г. кіраўнік Савецкай краіны Мікіта Хрушчоў выказваўся, калі быў у Мінску: "Чым хутчэй усе мы будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм".

Дзень роднай мовы і Дзень абвяшчэння першай самастойнай беларускай дзяржавы - гэта нашы святы. Святы, якія трэба святкаваць паўсюль.

У святочныя дні жыхары беларускіх вёсак і гарадоў даўней упрыгожвалі абразы ў Чырвоных Кутах, многія робяць гэта і цяпер. Любімыя ўзоры вышываных ручнікоў - гэта, вядома, кветкі, зробленыя ў розных тэхніках, варыянтах: гірлянды з кветак, гронак, лісточкаў, букеты кветак, кветкі ў вазонах, дрэвы-кветкі, якія паўстаюць беларускімі сімваламі чысціні, годнасці, багацця. Непаўторныя ручнікі "маленькім крыжыкам" вышывалі ў Неглюбцы ў 1950-1990-х гг. На іх узорных канцах "узрастаюць" амаль сапраўдныя райскія сады. А над дрэвамі, на галінах дрэў, ці проста парамі ў нябёсах лятаюць птахі. Відаць, яны нясуць людзям добрыя весткі, існуюць прыкладам, сімвалам чалавечага шчасця:

Ой, у полі дубок,

а на ім - галубок

раньнюю расу п'е…

Кала яго

да галубачка яго

гняздзечка ў'е.

- Ты пакінь, пакінь

гняздзечка віць.

А хадзі ж ты да міне

раннюю расу піць.

Ай, Маша да вяночык ў'е.

А кала яе Васіль стаіць:

- Ты пакінь, пакінь,

вяночык віць,

хадзі ж ты да міне

за цясовы стол

мёд-піва піць.

Тэкст гэтай песні я запісала ў 1990 г. ад маёй бабулі, Нахабцавай Марыі Еўдакімаўны (1904-1991 гг.), якая нарадзілася ў вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна. Гэтую песню даўней часта можна было пачуць у летнія вечары, калі жанчыны пасля дзённай працы знаходзілі час сабрацца разам на лаўцы каля хаты, разам адпачыць, праспяваць, падзяліцца навінамі.

Я паказала вучням некалькі ручнікоў з кветкавымі кампазіцыямі, якія захоўваюцца ў фондах Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, пераказала тэкст песні пра голуба і галубку, Машу і Васіля, падзялілася сваім вершам, які з’явіўся ў 2012 г.:

Сучасьніку

I Ты паміраеш сёньня… Уначы.

І хоць крычы ты тут,

ці хоць ты не крычы, -

цябе ўжо не пачуе аніякі бог,

бо да сябе, мой сябра, ты зусім аглух.

Насеньне тое, што расьсяваў Скарына,

сваёй рукою ты за плот адкінуў

як нешта непатрэбнае, чужое

(вось лёс які ў беларускай мовы!)

ды выбіраеш слова не сваё…

І дзеліцца твая душа надвое.

На агародзе, у садзе - пустазельле, крапіва.

Відаць, табе патрэбная яна?

Жывеш ў крэдыт, з працягнутай рукою,

ня верачы ні ў што, зь вялікаю маною.

Дзічэе сад. Так глуха, смутна, вее вецер!

Вось сімвал твой, даўней квітнеючая Ветка…

Ды ўсё ж… Ты тут - не госьць.

Ты- гаспадар, ты - сьведка

таго, як Бог нас вучыць жыць.

II Стаіць наша Ветка, стаіць…

Штосілы трымаецца глебы, -

няхай сабе дожджык імжыць,

а сонца - аж напаўнеба!

Расьце наша Дрэва жыцьця

пад позіркам сьветлых анёлаў.

Вяртаюць штораз з небыцьця

словы. Дзіця іх прамовіла:

Мама, глядзі, як птушка ляціць!

Гэта ж - усьмешка Бога!..

А на малюнку ў яго - райскі сад.

Яшчэ не было нічога.

На сустрэчы з вучнямі 4 "В" класа сярэдняй школы №1 імя А.А. Грамыкі г. Веткі было знаёмства з рознымі казачнымі і не зусім падзеямі, якія адбываліся ў кнізе "Каляды з хроснай. Праўдзівыя гісторыі і крышачку чарадзейства" беларускай пісьменніцы Алены Масла. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі фрагмент казкі "Фотаздымак анёла", называлі і запісвалі на паперы беларускія словы - назвы частак Сусветнага дрэва - узора на белым ільняным ручніку, ды іншае, іншае, іншае…

Аўтар: Ларыса Раманава.

Фотаздымкі: Бовы В.А.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика