Трымаю ў руках новую кнігу Генадзя Лапаціна, якая была выдадзена ў Гомелі ў лютым 2018 года: "К каждаму разгавору прыказка ё… " З вопыту вывучэння дыялектнай фразеалогіі. Матэрыялы да фразеалагічна-парэміалагічнага слоўніка асобы. Варвара Аляксандраўна Грэцкая. Запісы 2005-2012 гг. (У дзвюх частках).

Радуюся з'яўленню новай, вельмі патрэбнай кнігі. Дзякуючы ёй, можна глядзець на нашае жыццё, на сябе па-іншаму - адчуць яго вачыма, сэрцам і розумам Варвары Аляксандраўны Грэцкай, нашай знакамітай сучасніцы. Варвара Аляксандраўна нарадзілася ў 1925 годзе ў пасёлку Амяльное (непадалёк ад Старога Закружжа), а цяпер жыве ў Ветцы. Зараз няма ні Амяльнога, ні Старога Закружжа - зніклі ў часе Чарнобыльскай трагедыі. Радуюся яшчэ й таму, што давялося крыху дапамагчы ў працы над выданнем: быць карэктарам.

Кніга выдадзена надзвычай сціпла, вокладкі дзвюх частак - прыемнага зялёнага колеру, на якіх ёсць два фотаздымкі: побач, на адным фотаздымку, і на другім - аўтар кнігі і галоўная гераіня. Уся кніга ўспрымаецца як дыялог двух субяседнікаў, надзвычай таленавітых людзей - Генадзя Лапаціна і Варвары Грэцкай. У кожнага з іх - сваё, надзвычай багатае і адметнае бачанне свету. З выхадам кнігі ў свет водгулле гэтага дыялогу, ёсць спадзяванне, будзе пашырацца - так, як пашыраюцца кругі на вадзе.

Генадзь Лапацін і Варвара Грэцкая. Веткаўскі музей

Генадзь Лапацін з Варварай Аляксандраўнай. 2005 г.

Генадзь Лапацін - вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі - паэт, фалькларыст, этнограф. Чытачы веткаўскай раённай газеты ведаюць яго па шматлікіх публікацыях, якія з'яўляліся ў "раёнцы" на працягу амаль трох дзесяткаў гадоў, наведвальнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава - па змястоўных, прыгожых экскурсіях, падчас якіх можна пачуць тэкст шчадровай песні ці ўніверсальны аповед аб тым ці іншым мясцовым абрадзе. З самага пачатку сваёй працы ў Веткаўскім музеі, адным з першых, Генадзь Лапацін пачаў рабіць так званыя палявыя запісы: запісваць на паперы, на аўдыёкасеты аповеды (тэксты), якія датычаць духоўнай і матэрыяльнай культуры нашай мясцовасці, падчас размоў з людзьмі. Генадзь Лапацін робіць фанетычны запіс тэкстаў, не падладжваючы іх пад сучасныя беларускую ці рускую мовы. Гэтым запісы асабліва каштоўныя, яны перадаюць асаблівасці мясцовых гаворак.

"Я гаварю па-амяленскі", - так аднойчы вызначыла назву сваёй мовы Варвара Аляксандраўна Грэцкая.

Асаблівасці яе маўлення, як і іншых субяседнікаў, захоўваюцца пры запісе, у публікацыях.

Багацце тэкстаў, запісаных ад нашай унікальнай сучасніцы, Генадзь Лапацін змясціў у кнізе "Варвара Грэцкая як з'ява беларускай народнай культуры", якая была выдадзена ў гомельскім выдавецтве "Барк" у 2015 годзе, у некалькіх нумарах часопіса "Palaeoslavicа", які выдаецца ў Кэмбрыджы (ЗША), часопісе этнаграфіі і фальклору "Живая старина" (Масква, Расія). Паводле анатацыі да кнігі: "Гэтая жанчына - унікальны носьбіт культуры. Яе бачанне і разуменне свету, веданне традыцый, звычаяў, абрадаў, павер'яў, песень уражваюць і захапляюць. У яе аповедах, слушных меркаваннях, заўвагах і роздумах сапраўды адлюстравана душа народа, яго калектыўная памяць. Публікацыя такога роду, дзе была б пададзена "карціна свету" адной асобы, прытым неардынарнай і таленавітай, - першая ў беларускай фалькларыстыцы".

Генадзь Лапацін. "Варвара Грэцкая як з'ява беларускай народнай культуры"

Кніга "К каждаму разгавору прыказка ё… " таксама важная сваім зместам. Генадзь Лапацін змясціў у ёй больш тысячы фразеалагізмаў - устойлівых спалучэнняў мовы, якімі яна адметная. Побач з кожным фразеалагізмам друкуюцца тэксты (ілюстрацыйны матэрыял), у якіх "аўтар імкнуўся паказаць фразеалагізм у той форме, у якой ён найбольш часта ўзнікае ў гаворцы Варвары Аляксандраўны Грэцкай".

Напрыклад: "Горы перавярнуць". Лапатай перявярну, да дабяруся. Казкі такія ё, што ён за ноч горы перявярнуў.

Я, напрымер… Я б горы перявярнула, но здзелала, я б найшла ўсё… Прышлі мы на Здзвіжання… Усё папалена, голыя… Німа нічыво ў свеці… Што дзелаць? Разваліны… Жывы чалавек пра жывоя думая… Матка: "Ну, што будзім дзелаць? Давайця жыць у погребі" Мы ў погребі жылі, начавалі… Зімавалі там. Матка: "А кароўцы дзе? У погреб карову не завядзеш". Я гаварю: "Мам, я горы перявярну, но я здзелаю карові што-небудзь." І ў нас… Баня абгарэла… Секла хмызняк… Адзін бярэзнік… Я сяку, абгаліваю, а астальныя… Ягор, дзевяць гадоў яму было… Цягалі. А тады жэрдкі… Як пляцень. І пашлі ў чэрят… Іздзелалі (сарай - Л.Р.). Матка кажа: "Ну, ты палядзі які! Ну, мне і баба памагала. Дзе ня так - бача. Я бабу слухала. Іздзелалі. Карова і зімавала… Бубіна снега на яе не ўпала, ні даждзіна. Пайду, папытаю ў мужчын, у дзядоў: "Дзяды, хадзіця спасайця!" - "Ой, мужчынка ты наш дарагі"… І яны мне пакажаць. Нікалі не атказывалі".

Друкуюцца наступныя фразеалагізмы: "жыць, як у Бога за пазухай", "лезуць, як жаба на корч", ні знаць ні роду, ні прыраду", "не ўмея кату хваста завязаць", "даганяй у вадзе рыбку", "дажылі і не ўчулі калі", "гарэлку піць - не карчы калоць", "на вяку прыдзёцца варыць і ў гляку", "ад камара раздуць на вала", "ад харошага целяша дык і трэска хараша", "калядны гром", "каждаму вашанку па станку", ды многія-многія іншыя.

Прэзентацыя новай кнігі Генадзя Лапаціна

Выказванні Варвары Аляксандраўны Грэцкай - гэта сумленны аповед-роздум пра сябе, сваё жыццё і жыццё аднавяскоўцаў. Разам з тым - гэта выказванні носьбіта народных традыцый, які стварае карціну нацыянальнага быцця. Чытаючы жыццяпіс звычайнай вясковай жанчыны, згадваеш лепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару: працавітасць, сціпласць, дабрыню, адчуванне прыроднага хараства і адчуванне сваёй адметнасці, годнасці. Усе яны ёсць у Варвары Аляксандраўны. Апошняя рыса добра відна паводле наступнага аповеду:

"У Марозаўцы ў школі я вучылась. У пяты клас перяйшла. Мы выдама на вуліцу, Пецька, мае маткі хрёсны, з майго года. Мы ў школу хадзілі з первага класа і да пятага. А тады вайна началася. І ён пад балалайку іграя, мы пяёма, што "люблю" - такія песні. Дак яны ўжо ў сценгазету нарысавалі мяне. Я рысую харашо. Дак яны мяне не прыгласілі, а сценгазету выпусцілі: і стаіць Грэцкая Варвара Аляксандраўна, пяе. І напісалі: "Пела вулічныя песні". І галаву такую бальшую адзін нарысаваў… Мы з ім удвох рысавалі… А мяне ўжо не прыгласілі. Тады дзеўкі кажаць: "Варя, хадзім-ка паглядзім, ты нарысована ў сценгазеце". Я гаварю: "Да мы не выпускалі ішчэ сценгазеты". А яны гаворяць: "Ну хадзім, паглядзім". Нашы дзеўкі: і амяльноўскія хадзілі, і марозаўскія, і закружскія. Прышла, паглядзела. Яны ўжо нарысавалі мяне: такую морду здароваю, ногі кароцінькія - крыцікавалі. Я палядзела. Кажу: "Дзеўкі, разбягайціся, хто куда!" Яны: "Не чапай, Варя! Варя, не трогай! А то дзірэктар сключа са школы". Я тады падашла, сарвала ўсю заметку, стала, плюнула, пацёрла-пацёрла, і ў вядро памыйная ўкінула. Тут жа прышлі, паглядзелі: сорвана. Счас жа далажылі дырэктару. Дзеўкі не далажывалі. Прышлі дзеўкі, гаворяць: "Варя, цябе дырэктар трэбуя". Маша Дзятлава прышла да гаворыць: "Я ішла", дак ён гаворя: "Машка, скажы, ніхай Грэцкая зайдзя ў настаўніцкаю". А я гаварю: "Чаго?" - "За то, што ты сарвала сценгазету. Наверна, за ета". Я гаварю: "Не пайду". Ён другога хлопца паслаў: "Ідзі, пазаві". Тады прышоў наш класны: "Грэцкая! Сколькі можна пасланцоў за табой пасылаць? У настаўніцкую быстра!" А я такая худзінькая. Ну, як паліц. Я паднялася, гаварю: "А чаго?" - "Ідзі!" Я вышла ў настаўніцкую. І ён ідзець услед. Я прышла, гаварю: "Веніамін Аляксандравіч, зачэм вы мяне трэбавалі?" А ён: "Зачэм ты сарвала? Ты знаіш, што я цябе сключу са школы за то, што ты сарвала тую заметку. Ані правільна табе здзелалі!". Я гаварю: "Нет! Няправільна! Я большы к вам у сценгазету не пайду рысаваць". І са школы мяне не сключылі".

Кніга "Варвара Грэцкая як з'ява беларускай народнай культуры", без перабольшвання, можа стаць найлепшым памочнікам у сучасным сямейным народным выхаванні. Рэцэнзіі на яе былі ў выданнях: газеце "Звязда", часопісе "Славяноведение", які выдаецца Інстытутам славяназнаўства Расійскай Акадэміі Навук (№ 6, 2015 г.), у Зборніку навуковых прац "Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні", які выдае Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі.

Прэзентацыя новай кнігі Генадзя Лапаціна

Адзін з прыемных момантаў у культурным жыцці Беларусі - прэзентацыя вышэйзгаданай кнігі Генадзя Лапаціна, якая адбылася 26 лютага ў Гомелі ў грамадска-палітычным цэнтры. Дзякуючы яго сябрам, кніга была выдадзена. У мінулыя гады грамадска-палітычны цэнтр у Гомелі даў жыццё вельмі добрым кнігам аўтараў Гомельшчыны: Анісавец Мікалай Іванавіч. "На скрыжаваннях шляхоў, межаў, эпох" (нарысы гісторыі Лоеўшчыны) (у дзвюх частках), Марына Яўсейчык. "Прысуд балотных ялін", ды іншым.

Навуковыя, мастацкія якасці зместу кнігі Генадзя Лапаціна "К каждаму разгавору прыказка ё… .", як і яго вялікая праца ў беларускай фалькларыстыцы, мовазнаўстве былі надзвычай высока ацэнены ўдзельнікамі прэзентацыі, у ліку якіх былі выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, пісьменнікі, журналісты, калегі па працы, людзі іншых прафесій і заняткаў - тыя, хто любяць беларускую культуру, жывое беларускае слова.

Прэзентацыя новай кнігі Генадзя Лапаціна

Аўтар: Раманава Ларыса Дзмітрыеўна

Фота: Раманава Ларыса Дзмітрыеўна

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика