У час Вялікага посту, на пачатку красавіка ў памяшканні Веткаўскай раённай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы «З надзеяй аб уваскрасенні», падрыхтаванай супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Тэмамі паказу і даследвання сталі бортніцтва і пчалярства. Прадстаўлена таксама выстава карцін Святланы Раманавай «Спрадвечнае», аўтар кнігі паэзіі «Ізумрудны рай» (Мінск, 2013 г.). Асобныя творы Святланы Раманавай: «Час, калі паспявае каліна і льецца мёд», «Раенне пчол» ды іншыя, прысвечаны працы пчаляра.

Іншы раз пчалярам даводзіцца ў канцы зімоўкі назіраць такую з'яву: пчолы ў вулеі «маўчаць» і, увогуле, амаль не рухаюцца. Але, калі ўнясеш вулей у цёплае памяшканне, пчолы «ажываюць», а пасля падкормкі набіраюць сілу. Вера Іванаўна Раманава жыве (ў в. Покаць Чачэрскага раёна), аднаго разу назвала такіх пчол «уваскрэснікамі». Ёсць шмат назіранняў тысячагадовай даўніны, якія падцвярджаюць дзівосную эвалюцыю пчол ды іх выключныя здольнасці ў параўнанні з іншымі жывымі стварэннямі. Пра гэта ды іншае — змест выставы.

На самым яе пачатку — рамкавы вулей, падарунак музею ад пчаляра з в. Хальч — Міхаіла Аляксеевіча Крышчыхіна. Пчолы гадаваліся ў ім на працягу 50-60 гадоў. Побач з вулеем — дымар, падарунак музею ад Паўла Паўлавіча Купрэйчанкі, пчаляра з вёскі Абакумы Лоеўскага раёна. Менавіта ад яго давялося пачуць мясцовую назву грыба трутавіка — «скрыпаль». Звычайна гэты грыб расце на бярозах. У грыба штогод вырастае невялікі новы вонкавы слой. Не праблема — злічыць гады яго жыцця: пяць-шэсць… меней, ці болей. Звычайна мы лічым гады жыцця дрэва, якія добра відны на зрэзе спілаванага ствала. Даўней і цяпер бортнікі карыстаюцца грыбамі пры доглядзе пчол: грыбы кладуць у дымар і абкурваюць імі пчол. Яшчэ адзін «памочнік» пчаляра — звычайны грыб «дажджавік», які бывае некалькіх відаў. На выставе — высушаны «дажджавік жамчужны», ці дакладней, «порхаўка»— мяккае рэчыва ўнутры высахлай абалонкі дажджавіка, якое ўтрымлівае сотні ці тысячы спор.

Наведалі выставу вучні і настаўнікі асобных малодшых класаў СШ №1 імя А.А. Грамыкі, выхаванцы і выхавацелі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі, жыхары горада.

Пчолы, як і птушкі — пасрэднікі паміж Богам і людзьмі ў традыцыйнай беларускай культуры, сімвал працавітасці, мудрасці, уваскрашэння. Людзі, якія клапоцяцца пра жыццё гэтых маленькіх істот, аказваюць неацэнную паслугу ўсяму чалавецтву, бо, як сцвярджаў сусветна вядомы вучоны Альберт Эйнштэйн, калі раптам на нашай планеце знікнуць пчолы, чалавецтва зможа пражыць усяго толькі чатыры гады. Як вядома, у параўнанні з іншымі насякомымі найбольш пчолы апыляюць кветкі, якія ўтрымліваюць будучую завязь пладоў.

Даўней мёд елі з кашамі і кісялямі, падавалі да бліноў, выпякалі з мёдам салодкія святочныя пірагі, варылі мядовыя віны. Гэта — што датычыць ежы…

Бортніцтва як старадаўні лясны промысел, пчалярства — сучаснае культурнае развядзенне пчол, галіна сельскай гаспадаркі — тэмы, з большага малавядомыя сучаснікам. Росквіт бортніцтва прыходзіцца на XVI-XVII стст. Тэхналогія пчалярства тых часоў была нескладанай: прыгатаваннем на дрэвах новых борцяў, заманьванне ў іх раёў, абарона ад звяроў і птушак, збор воску і мёду.

Сучаснае пчалярства ўзнікла ў выніку трох адкрыццяў-вынаходніцтваў: штучнай вашчыны (1857 г.), медагонкі (1865 г.) і рамачнага вулля (1614 г.).

У параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі на Гомельшчыне, Брэстчыне бортніцтва, калоднае пчалярства захавалася найбольш. Так, па словах стваральніка «Братэрства босых бортнікаў» Івана Дзмітрыевіча Осіпава, на Палессі бортнікаў налічваецца больш за сто чалавек. Дзе-нідзе ў адселеных пасля Чарнобыльскай АЭС мясцінах даволі рэдка, але яшчэ можна ўбачыць калоду на дрэве ці на зямлі — сведчанне таго, што тут працавалі бортнікі. Багатыя на бортнікаў Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі, ды іншыя раёны Гомельшчыны.

У 2016 г. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча ўнесла бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Для Беларусі гэта таксама надзвычай актуальная тэма. У апошнія гады ў Беларусі робяцца захады — найперш «Братэрствам босых бортнікаў» — унесці бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Асобныя пчаляры імкнуцца далучыць сучаснікаў да сваёй працы, давесці да грамадства ідэю аб захаванні гэтага даўняга традыцыйнага занятку і, увогуле, захаванні саміх пчол. На тэрыторыі Беларусі існуе параўнальна няшмат аграсядзіб, экамузеяў, гаспадары якіх паказваюць наведвальнікам, турыстам моманты з жыццём пчол і працы пчаляра, распавядаюць пра пчаліныя таямніцы. Так, у Чачэрскім раёне, на Гомельшчыне, ёсць аграсядзіба «Пчаліны рай». Экамузей «Пчальнік», створаны ў Чавускім раёне, на Магілёўшчыне, цікавы як дарослым наведвальнікам, так і дзецям: Віктар Іванавіч Панасюк, сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускія пчаляры», зрабіў для сваёй пасекі шкляны вулей, каб была магчымасць бліжэй назіраць за жыццём працавітых пчолак.

У апошнія гады ўсё больш людзей імкнуцца далучыцца да пчалярства, да традыцыйных абрадаў і святаў, у якіх выкарыстоўваюцца прадукты пчалярства, сімволіка пчалы. Дзеля прыкладу: у 1960-70-я гг. на Вялікдзень каля царквы ў былой вёсцы Барталамееўка (адселена пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС) мясцовыя жыхары спальвалі пустыя, старыя вуллі як ахвяру для Бога): «У нас вуллі палілі на Паску. Паставяць возьлі цэрквы і запалюць. Агонь шугае, а тады як стрэліць! Хлопцы ўкінуць што-та такоя, штоб луччай гарэла».

У Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў быў сабраны вялікі палявы матэрыял пра даўні абрад — «Свячу», які існуе ў сучаснасці. Сабраны матэрыял стаў асновай для стварэння кнігі «Ікона звалась Свячой», аўтар якой — Г.І. Лапацін, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея, таксама — для стварэння выставы з такой жа назвай, якая экспануецца ў дадзены момант у філіяле музея ў Гомелі, для стварэння шэрагу навуковых артыкулаў і нават — цыкла лекцый, правядзенне якіх запланавана таксама ў філіяле музея (красавік-май 2019 г.). Вядома, існаванне гэтага абраду (на працягу некалькіх стагоддзяў) без выкарыстання аднаго з галоўных атрыбутаў — вялікай васковай свячы, таксама — малых свечак, мядовай сыты было б немагчымым.

Беларуская культурная прастора ў апошнія гады папоўнілася двумя цудоўнымі выстаўкамі, якія дапамаглі ўявіць масштабы, асаблівасці развядзення пчол як на тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і ў асобных раёнах Гомельшчыны, Брэстчыны. Маю на ўвазе фотавыставу «Апошнія бортнікі Еўропы, якіх я сустрэў», адкрыццё якой адбылося 21 красавіка 2017 г. у выставачнай зале ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» (на якой экспанаваліся фотаздымкі Кшыштафа Хейке, асобныя прылады працы, якімі карысталіся бортнікі і іншыя рэчы), а таксама выставу «Пчолачкі гудуць, хатку будуюць… », наладжаную супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і Братэрствам босых бортнікаў у філіяле музея ў Гомелі (выстава дзейнічала з 8.07.2018 г. па 30.11.2018 г.). На гэтай выставе, акрамя надзвычай цікавых экспанатаў (некалькі лязіваў, скура мядзведзя, лазбень ды інш.) была прадстаўлена выява — фрагмент карты вандроўніка Алафуса Магнуса, на якой тэрыторыя сучаснай Беларусі была пазначана малюнкам: мядзьведзь спрабуе ўзлезці на бортнае дрэва. Існаваннем бортніцтва, менавіта гэтага старажытнага промысла, на думку стваральніка карты, была адметнай наша тэрыторыя ў XVI ст.

І, сапраўды, звесткі, прыведзеныя аднымі з аўтараў энцыклапедычнага выдання «Этнаграфія Беларусі» У.С. Гурковым, С.Ф. Цярохіным, уражваюць. «Мёд і воск былі галоўнымі відамі экспарту. У пач. XVI ст. толькі праз Полацкую мытную камору штогод вывозілася больш за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш 1 млн. борцяў, таварная прадукцыя якіх перавышала 0, 5 млн. пудоў мёду штогод. Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі. У 1773 г. Члухаўскае лясніцтва ў Аўгустоўскай пушчы за продаж драўніны выручыла 14 талераў 25 грошай, а бортны падатак склаў суму 507 талераў».

Як вядома, з канца XVII ст. у сувязі з распрацоўкай зямлі пад ворыва, масавым высяканнем лясоў бортніцтва прыйшло ў заняпад, у першай палове XIX ст. яно саступіла месца калоднаму пчалярству.

Важную ролю бортніцтва, пчалярства ў жыцці мясцовых людзей ў мінулыя стагоддзі можа падцвердзіць тэкст шчадровай песні, запісаны даследчыкам М.М. Гаршковым у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Даўней, паводле звычая, «шчодры просяцца: «Цётачка, дзядзечка, благаславі песянку спець. Скажаць ужэ, якой дзеўцы там… «Будзь разумненька, расці скорынька»… Спявалі — «салдату Раману» з тлумачэннем «як будзе іціць у салдаты», «хлопцу», дзеўцы», «большаму, «маламу», «што папарна жывуць, мужыку й жонцы», «панам», «пчолам»…

У гэтым пераліку пчолы — удзельнікі сям'і і гаспадаркі. Заўважым, што ніякай другой жывой істоце, якая была ў дамашняй гаспадарцы (конь, карова і т. д. шчадровых песень не прысвячалі).

Тэкст «шчадроўкі» — гэта дыялог, адзін з удзельнікаў якога — старая матка:

— А хто гэта йдзе — дуброва гудзе?
Святы вечар, дуброва гудзець!
Старая пчолачка раёчык вядзець.
Святы вечар, раёчык вядзець!
— Маладыя райке, садзісь у вулляйке.
Святы вечар, у новыя вулляйке!
Нясіце, райкі, сладкія мядкі.
Святы вечар, сладкія мядкі!
А я, старая, жоўтыя васкі.
Святы вечар, жоўтыя васкі!
Сладкія мядкі — людзям на канун,
Жоўтыя васкі — Богу на свячкі…

Некаторае ўяўленне пра важную ролю, якую нашы продкі надавалі развядзенню пчол, дае цікавы дакумент «Описание староства Чечерского, находящегося в Рогатинской провинции», складзены ў 1773 г., адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1772 г. усходняя Беларусь стала часткай Расейскай імперыі. Невядомы ўкладальнік (магчыма, ён быў не адзін) старанна рабіў апісанне новых уладанняў. У тэксце ёсць радкі: «Крестьяне как сами объявили, кормятся от хлебопашества, имея притом некоторое вспомоществование от содержания пчёл в лесах, прибыток для поташной фабрики от поставки в оную золы очень почитают замалой; ибо по их объявлению один крестьянин в неделю неполную виленскую бочку или 2 четверти золы приготовить может, за что только 15 получит копеек».

Дарэчы, у гэтым дакуменце даюцца звесткі аб высяванні канопляў у буйных памерах, у тыя часы менавіта з пянькі выраблялі канаты, вяроўкі для рачных і марскіх суднаў, вяроўкі з пянькі выкарыстоўвалі ў вясковай гаспадарцы. Каноплі — расліна, прывабная для пчол: з кветак канопляў пчолы збіраюць пылок, частка якога ідзе на выраб праполіса — рэчыва, якім на зіму пчолы «заклейваюць» маленькія шчылінкі ў вуллі.

У «Экспедыцыйных матэрыялах» Веткаўскага музея ёсць запісы аб былым існаванні прыватных пасек ў асобных вёсках Веткаўскага, Чачэрскага раёнаў, аб існаванні пасекі з калоднымі вуллямі (у XX ст.), сабраны асобныя звесткі, якія датычаць традыцыйных уяўленняў, звязаных з пчалой, пчалярствам. Ёсць звесткі аб працы сучасных пчаляроў: Івана Цімафеевіча Транькова, Міхаіла Аляксеевіча Крышчыхіна, Ігара Васільевіча Медзіна, Васіля Рыгоравіча Ціпунова, Уладзіміра Пятровіча Шыцікава, Валерыя Рыгоравіча Рудкоўскага, Міхаіла Стэфанавіча Кавалькова, ды іншых, якія гадуюць пчол у Данілавічах, Стаўбуне, Ветцы, Прысно, Радузе, Фёдараўцы, Навасёлках, Старым Сяле, Залатым Розе, Неглюбцы… Яны па-сапраўднаму слугуюць пчолам.

Праца па апытальніку «Пчолы ў традыцыйнай беларускай культуры» складзеным мной, ёсць спадзяванне, дапаможа ўсім, хто вырашыў занатаваць веды, уменні нашых продкаў і сучаснікаў, звязаныя з бортніцтвам, пчалярствам як часткай беларускай — духоўнай і матэрыяльнай культуры. Праца гэта датычыць этнографаў, эколагаў, моваведаў, гісторыкаў, настаўнікаў, іншых зацікаўленых людзей. Добры ўнёсак у яе — выданне манаграфіі «Лексіка народнай гаспадаркі ў гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся», аўтары якой — А.А. Станкевіч, А.М. Воінава, Л.М. Мінакова. Менавіта ў гэтай працы занатавана: «Дворнік — чалавек, які збіраў мёд у вуллях, што размяшчаліся на дрэвах; «от прыходзіў час мёд збіраць, за ім дворнік на дзераво лез» (В. Каменка, Мазырскі раён). Сімволіка борці, пчалінага дому з цягам часу пачала атаясамлівацца з домам, дваром чалавека. У пчалінай калоды ёсць «шапка» або «галава» — верх калоды, ёсць «пята» або «под» — ніжняя частка калоды. Ёсць цэнтр, нутро; «гняздом» сучасныя пчаляры называюць цэнтральную частку вулля (там жыве, гадуецца пчаліны расплод — заўтрашняе пакаленне пчол). У пчол ёсць «калошкі» — пылок, які рабочыя пчолы збіраюць сабе на ножкі ранняй вясной, ды і пазней з жоўтых «коцікаў» вярбы, з клёна, маць-і-мачыхі, іншых кветак. Жоўты колер — самы любімы ў пчол. У іх ёсць свая ежа, неабходная ў першую чаргу, для вырошчвання пчаліных дзетак (чэры). Пчаляры іншы раз называюць яе «хлябінай». Гэта — пярга, пылок, пакладзены ў соты.

Такім чынам, даследванне жыцця пчол і самых розных цікавых з'яў, звязаных з імі — найпрыемны занятак (не кажучы ўжо пра падтрыманне пчалінай «цывілізацыі»), які прыносіць не толькі задавальненне, здароўе, але й вялікую пазнаваўчую каштоўнасць.

Аўтар тэкста: Ларыса Раманава
Аўтары фота: Ганна Кадолава, Наталля Кузьмянова

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика