8 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея (што ў Гомелі) адкрылася выстава "Кераміка і ЭТНАбатаніка".
Этнабатаніка - гэта народныя веды пра расліны ў культуры пэўнага народа. На нашай новай выставе мы вырашылі паспрабаваць раскрыць магію расліннага свету беларусаў.
Экспазіцыю складаюць аўтарская кераміка з адбіткамі тутэйшых раслінак ад майстрыхі Вольгі Жарнасек, неверагодныя неглюбскія ручнікі і посцілкі з расліннымі ўзорамі, а таксама фрагменты пасудзін ажно эпохі неаліту, на якіх таксама прысутнічаюць "елачкавыя" і іншыя ўзоры.
"Часам мне здаецца, што посуд Вольгі валодае звышнатуральнымі якасцямі. Вам кажу як карыстальнік яе посуду", - прадставіў дырэктар Веткаўскага музея Пятро Цалка керамістку Вольгу Жарнасек.
Спадарыня Вольга вырабляе керамічны посуд у палівана-малачонай тэхніцы (*палівы - па-іншаму глазуры). Яна жыве і працуе ў пасёлку Любча (Навагрудскі раён), і на сваім посудзе адбівае любчанскія раслінкі, што растуць недалёка ад 400-гадовага Любчанскага замку.
Безумоўна, на адкрыцці выставы не засталіся без увагі неглюбскія ручнікі. Галіна Нячаева, бадай самы дасведчаны чалавек у свеце па неглюбскіх арнаментах, расказала пра некаторыя раслінныя ўзоры, якія прысутнічаюць на посцілках і ручніках.
Дарэчы, даволі сімвалічна атрымалася, што адкрыццё выставы з такой тэматыкай адбылося на пачатку вясны. Таму распачалі мы сённяшняе мерапрыемства з веснавых песень з карагодамі, а ў якасці пачастунку прыгатавалі для нашых гасцей печаных птушачак. Традыцыйна гэтымі дзеямі ў нас пачыналі гукаць вясну.
Запрашаем вас на нашу новую прыгожую выставу. Наведаць яе можна ў любы дзень, без выходных, з 9:30 да 18:00.
Філіял Веткаўскага музея, г.Гомель, пл. Леніна, 4 (у парку, за саборам Пятра і Паўла)
P.S. У сувенірнай лаўцы філіяла музея можна набыць керамічныя ўпрыгожванні і свістулькі ад керамісткі Вольгі Жарнасек.
Тэлефон: +375 232 50-96-98