Даражэнькія, запрашаем вас адсвяткаваць Масленку разам з Веткаўскім музеем!

У гэтым годзе мы зладзім адразу дзве Масленыя этна-вечарыны!

Апошнім часам філіял Веткаўскага музея, дзе мы звычайна праводзім нашыя вечарыны, не ўмяшчае ўсіх гасцей. А нам важна, каб кожны пачуваўся ўтульна і ўсім хапала месца і на танцах, і за сталом, і на лаўцы.

Таму мы вырашылі дадаць яшчэ адну лакацыю для правядзення вечарыны - сам Веткаўскі музей у Ветцы!

Праграму вечарыны ў гомельскім філіяле музея, якая адбудзецца 26 лютага (нядзеля), глядзіце ў нашай афішы "Масленая этна-вечарына ў філіяле Веткаўскага музея".

У суботу 25 лютага мы запрашаем усіх ахвочых правесці з Веткаўскім музеем цэлы Маслены дзень!

Праграма:

  • распачнём з цікавай святочнай экскурсіі па музеі;
  • там жа, у музейнай прасторы зладзім майстар-клас, на якім кожны зробіць сваю абярэжную ляльку-масленку;
  • пасля вырушым на ўзбярэжжа ракі, дзе паспяваем масленічныя песні (калі не ўмееце спяваць і не ведаеце песень - не хвалюйцеся: абяцаем абудзіць ваш прыгожы голас спецыяльнай галасавой гімнастыкай, а тэксты песень загадзя для вас падрыхтуем) і пап'ём зёлкавай гарбаты з самавара;
  • пасля спеваў перамесцімся ў мясцовы дом культуры на саму вечарыну! Тут мы працягнем святкаваць Масленіцу весела і па-сапраўднаму, так як мае быць: будзем танчыць, есці бліны і збіваць смятану ў маслабойцы, каб атрымаць масла, магчыма зробім з гэтага спаборніцтва, каб знайсці самага спрытнага маслабойніка.

Мы, канешне, не ведаем, дзе вы яшчэ зможаце дазнацца, пабачыць і адчуць сапраўдныя мясцовыя масленічныя традыцыі, як не ў нас. Таму шчыра раім вам правесці Маслены дзень разам з Веткаўскім музеем.

Запрашаем, нават клічам усіх вас + вашых сяброў + сяброў вашых сяброў!

Усіх гасцей чакаем не з пустымі рукамі, а з блінамі! Абавязкова прыносьце ўласна зробленыя блінцы і ўсё што любіце да бліноў! Будзем смакаваць і дзяліцца рэцэптамі.

Дата: 25.02 (субота). Пачатак у 11:00. Збіраемся каля разьбяных варот Веткаўскага музея (г. Ветка, Красная плошча, 5).

Калі вы хочаце наведаць толькі вечарыну, без экскурсіі, майстар-класа і спеваў на ўзбярэжжы, то прыходзьце ў Веткаўскі цэнтр культуры (г. Ветка, вул. Грамыка, 33). Пачатак вечарыны а 15-й.

Кошт удзелу: 20 BYN для дарослых і 10 BYN для дзяцей школьнага ўзросту - увесь Маслены дзень; 5 BYN і 2,5 BYN для дзяцей - толькі вечарына.

Дабрацца з Гомеля да Веткі і назад даволі проста: ад гомельскага аўтавакзала кожныя 10 хвілін ходзяць аўтобусы і маршруткі. Расклад можна паглядзець тут: https://gomeltrans.net/avtovokzal/suburban/. Ад веткаўскага аўтавакзала да музея ісці 10-15 хвілін. Кожны мясцовы вам падкажа дарогу. 

Можам арганізаваць трансфер з Гомеля да Веткаўскага музея і назад. Усяго 8 месцаў. Кошт 5 BYN з чалавека (калі дзіцёнак на руках - яму бясплатна). Калі вам патрэбны трансфер - пішыце ў каментарах ці прыватныя паведамленні.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика