Традыцыйны жаночы строй канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст. у кантэксце абрадавай культуры Гомельшчыны
“Чалавек – Строй – Абрад” – новы выставачны праект, які Веткаўскі музей прэзентуе жыхарам Гомеля і ягоным гасцям гэтым летам.
Самае галоўнае, на што звяртаецца ўвага дадзенай выставы, гэта не толькі знешняя прыгажосць традыцыйнга жаночага адзення, а яшчэ і абрадавая сімволіка кожнага элемента адзення, кожнага арнаменту, што старанна ткаўся ці вышываўся на кашулі. Менавіта ў святочны дзень кожная жанчына апранала свае лепшыя строі, каб не толькі пакрасавацца перад людзьмі, але і перад Богам. Жанчына нібы пераўвасаблялася, перанараджалася ў новым вобразе: лябёдкай, вутачкай, павай, каралёвай дачкой…
Акрамя традыцыйных жаночых строяў з Гомельшчыны на выставе будуць шырока прадстаўлены прадметы побыту, народны іканапіс, экспедыцыйныя фотаздымкі з абрадавымі дзеяннямі, а таксама калекцыя падвесак-абярэгаў Х-ХІІ ст.
На адкрыцці выставы можна будзе паслухаць архаічныя абрадавыя спевы Гомельшыны розных пор года ад спеўнага гуртка гомельскай моладзевай краязнаўчай арганізацыі “Талака”, паглядзець на традыцыйныя строі з прыватных калекцый гамельчукоў, падтрымаць новую моду на “вышымайкі” ад майстэрні “Мой родны кут”, паўдзельнічаць у майстар-класах па ткацтве андарачнага палатна і ткацтве паясоў.
Цягам трох месяцаў, пакуль будзе праходзіць выстава, у музеі плануецца правесці вялікую колькасць майстар-класаў па кройцы, аздабленні, вышыўцы і пашыве традыцыйнага адзення.
Адкрыццё выставы адбудзецца 10 ліпеня (пятніца) а 16.00 ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4). Наведаць выставу можна будзе цягам трох месяцаў: ліпень - верасень..