у Нацыянальным мастацкім музеі РБ
Слова “муж” першапачаткова азначала мужчыну. Паняцці “мужнасць”, “быць мужным” азначаюць валявыя і маральныя якасці. “Муж” у шлюбе – абаронца сям’і і роднай хаты. Род, нарадзіцца, радня, роднае месца, радзіма – гэтыя радавыя паняцці ў глыбіні слова “Радзіма”.
Традыцыі выхавання патрыятызму – шмат стагоддзяў. Адлучаныя адзін ад аднаго сотнямі гадоў і тысячамі кіламетраў, яны сапрысутнічаюць у Сусвеце як “усё святое воінства”. Само слова “подзвіг” – хрысціянскага паходжання. Сувязь паміж рэальным ратнікам і яго воінам-заступнікам – у яго духоўнай сіле, што даруецца зямному салдату: здзейсніць “святую справу”, перасіліць зло. Добраахвотны, уласны выбар – “нават і да крыві”, гатоўнасць да смерці за ідэю і свабоду, перамога над духоўным ворагам, вернасць дадзенаму слову і Слову Божаму – аказваецца мацней за любы гвалт. У XII– XIVстагоддзях узнікае цэлы шэраг святых – ваяроў “за бліжняга свайго”.
Але для народнай культуры слова “По-беда” – пераадоленне бяды. Вайна як парушэнне сусветнага парадку абавязкова павінна быць знішчана, а сам мір вяртаецца ў кругазварот стварэння. Сотні святых мужоў устаюць у кола-круг календара земляробчага. Дагматыка іх жыційных узораў, канкрэтныя гістарычныя абставіны іх подзвігаў пранізваюцца архаічнымі токамі дахрысціянскіх прыродных рытмаў, уваходзяць у касмалагічны калаўрот працы і святаў. Тут ідэальны вобраз “вяртаецца” на зямлю, становячыся побач з мужчынам – селянінам, рамеснікам, купцом, будаўніком, мастаком. Георгій Пераможца адмыкае вясновую зямлю і вядзе “на Юр’еву расу” вясковы статак, сонечным прамянём пабліскваючы перад яго гадаванцам – пастухом. Грозны Ілья гулка раз’язджае па каменным і медным небе ў калясніцы і адказвае за надвор’е. Мікола-Цудавторац – заступнік падарожнікаў – ратуе на рачных і марскіх водах. Яго эпітэт – “хуткі памочнік”. Ён і сам з’яўляецца ідэалам мужчыны – гаспадара, мужа, бацькі. Яшчэ Мікола – патрон майстэрства: рамёстваў і земляробства. Яшчэ – абаронца ўдоў і дзяцей. Уласій дапамагае захоўваць статак, Флор і Лаўр – пасвяць коней. Засіму і Савація Салавецкіх прасілі “навучыць, як пчол вадзіць”. Мікіта-воін празваны са старажытнасці “бесагонам”. Марой – спраўляецца з гарачкай-“агнявіцай”.
Але ёсць і культурныя функцыі старых вобразаў. Яны паведамляюць, што патрэбы духоўныя непадзельныя з жыццёвым шляхам: Іаану Багаслову моляцца аб авалоданні мастацтвам іканапісу, Казьме і Дзям’яну – аб вывучэнні граматы. Сям’ю беражэ “Бацькаўшчына”, святы ўзор Бацькі і Сына. Гурый, Самон і Авіў звяртаюцца да вернасці і сямейнай любві.
Мужчынскай іконай бласлаўлялі нараджэнне хлопчыка і шлюб юнака, з ім ішоў стары ў апошні шлях. Якім “мужчынскім” абразам маліліся ў простых вясковых хатах? Як фарміраваліся ідэалы мужчынскага характару ў душах хлопчыкаў, юнакоў? Вывучэнне мясцовых традыцый даказвае: гэта – сапраўдны жывы духоўны працэс.
Гэтая выстава – толькі “акенца” ў вялікую тэму Традыцыі: пераемнасці і атрымання ў спадчыну. Але алгарытмы культуры, заключаныя ў мінулым, скіраваны ў будучыню. Яны даюць нам сілу!