Выстава ў ткацкай майстэрні філіяла.
Васількоў Барыс Міхайлавіч нарадзіўся 25 мая 1929 года ў Гомелі. Выхаваны быў у дзіцячым прытулку, дзе і спазнаў школу жыцця: выгартаваў характар, спазнаў шчасце і расчараванне, атрымаў першыя навыкі разьбы па дрэве. Менавіта ў дзіцячым прытулку – праўда, не дзеля мастацтва, а дзеля побытавых патрэб – пачаў выразаць першыя ў сваім жыцці драўляныя лыжкі.
Шмат куды кідаў лёс спадара Васількова па свеце: і эвакуацыя дзіцячага прытулка ў Казахстан у аул каля ракі Іртыш, і праца ў горадзе Карсакпай недалёка ад Байканура, і служба ў горна-стралковым войску ў Карпатах. Але, дзе б ні бываў Барыс Міхайлавіч, усё роўна ў сэрцы заставаўся родны Гомель. Таму і вярнуўся, ужо дарослым, працаваць у родныя мясціны. Жыццё паціху наладзілася: уладкаваўся на працу, ажаніўся, пачаў абжывацца сваім кутом.
Моцным пачаткам у жыцці, напэўна, як і для большасці з нас, было атрыманне ўласнага жылля. Са свайго вугла і пачаўся шлях мастака-рэзчыка: “Я думаў так, як куточак свой будзе, так адразу я і буду выразаць”. І пайшло-паехала… Пачаў выразаць нешта для інтэр’ераў кватэры, падарункі для сяброў, пачаў нават весці гурток па разьбе ў адной з гомельскіх школ.
Самае галоўнае, што Барыс Міхайлавіч не імкнуўся нешта скапіраваць, зрабіць “як усе робяць”, а шукаў нешта сваё, адметнае. Нечага новага патрабавала і душа мастака: “Вось шахматы я выразаў… усе людзей, матрошак робяць, а мне захацелася нечага свайго, вось я і выразаў “Фаўну Беларусі”. Дык гэтыя шахматы зараз у музеі ў Раўбічах знаходзяцца”.
А вось першая сустрэча нашага музея са спадаром Васільковым адбылася яшчэ ў далёкія 1990-я гады, на адной з выстаў самадзейных майстроў.Тады ў фонды музея патрапіла яго праца “В заготовительный пункт”. Другая ж сустрэча, дастаткова плённая, здарылася на самым традыцыйным месцы для майстроў – на базары. І адразу там, на месцы, адбылася дамова наконт новай выставы “Казка ў дрэве”. Адчувалася непаўторнасць гэтага майстра, яго любоў да ўсяго прыгожага. Ужо даўно зрэзанае і высушанае дрэва пад умелымі рукамі Барыса Міхайлавіча вяртала сваю веліч і прыгажосць. Так адбылося і на гэты раз… Новая выстава “Хороша ложка к обеду” раскрывае такі звычайны для нас прадмет – лыжку – зусім з іншага боку. Гэта можа быць і лыжка для закаханых – “Святая Валянціна”, і для мацёрых рыбакоў – “Шчупакі”, і казачныя лыжкі для дзетак – “Ліса і калабок”, “Совушкі”, “Конікі”, і коўшыкі для ахвотнікаў папарыцца ў лазні – “У лазні”. Застаецца верным Барыс Міхайлавіч і сваёй казачнай тэме, якой захапіўся яшчэ ў войску: “Калі ў войску глядзелі мастацкую стужку “Хозяйка медной горы”, я ўсё думаў: “Ой, абавязкова нешта такое выражу”. Вось і збылася, відаць, мара… З-пад умелых рук майстра вышла безліч самых розных вырабаў, якія раз’ехаліся па ўсім свеце: і музеі Беларусі ў сваіх фондах маюць працы Барыса Міхайлавіча, і ў “Музей Чарцей” у Каўнас паехаў ягоны “Чорцік”, і ў Італію, Францыю, Амерыку, і так можна вельмі доўга пашыраць геаграфію “вандровак” прац нашага майстра.
У свае 86 спадар Васількоў застаецца не менш актыўным: часта яго можна сустрэць не толькі ў Гомелі, але і непадалёк ад горада ў лясных закуточках, дзе ім адшукваюцца новыя героі для новых “драўляных казак”. У адну з такіх вандровак патрапіла і наша супрацоўніца Валянціна Міронава. Яе погляд “праз аб’ектыў” можна таксама пабачыць на нашай выставе.