Афіша выставы "Ікона звалась Свячой… " у філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

Беларускі народны іканапіс і традыцыйнае ткацтва ў кантэксце абраду «Свяча»

Выстава будзе дзейнічаць з 28 снежня 2018 г. па 19 мая 2019 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Абрад «Свяча» з'яўляецца адным з самых адметных абрадаў у традыцыйнай культуры беларускіх вёсак Гомельшчыны. «Свячой» называюць як абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці. Паколькі вывучэнне дадзенай тэмы стала адной з асноўных у навуковай дзейнасці супрацоўнікаў Веткаўскага музея, таму мы цікавіліся ім падчас усіх экспедыцый апошняга часу і атрымалі, на наш погляд, вельмі цікавыя вынікі, і адным з вынікаў такіх даследаванняў з'яўляецца выставачны праект «Ікона звалась Свячой… ». У выставачнай прасторы тэксты, запісаныя супрацоўнікамі музея ў шматлікіх экспедыцыях па Гомельшчыне, а таксама суседняй Браншчыне, паўстаюць перад намі ў своеасаблівыя вобразныя, тэматычныя комплексы-інсталяцыі. Самае галоўнае, што атрымалася дасягнуць арганізатарам выставы — гэта матэрыялізаваць духоўную, нематэрыяльную фальклорную спадчыну. Словы носьбітаў спрадвечных ісцін, запісаныя на дыктафоны, ці паперы супрацоўнікамі музея пачынаюць складвацца ў цэлыя «карціны», ператварацца ў «кінафільмы» перад наведвальнікамі. Так, у выставачнай зале можна пабачыць аўтэнтычныя і рэканструяваныя тыпы Свечаў, што існавалі і існуюць зараз на Гомельшчыне, традыцыйны народны іканапіс і традыцыйнае ткацтва. І ўсё гэта аб'яднана адной тэмай — абрадам «Свяча».

Пры падрыхтоўцы выставы выкарыстаны экспанаты з фондаў «Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава», «Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай праваслаўнай царквы» пры Мінскай духоўнай акадэміі, «Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы».

На выставе прадстаўлены амаль два дзясяткі народных ікон канца XVIII — пачатку XX ст. Больш чым паўсотні ручнікоў канца XIX — сярэдзіны XX ст. Дванаццаць комплексаў аўтэнтычных і рэканструяваных «Свеч». А таксама экспедыцыйныя фотаздымкі абраду, сшыткі з рукапісамі псальмаў і фальклорныя тэксты звязаныя з рытуальнымі момантамі і дзействамі.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика