Новая выстава ў філіяле Веткаўскага музея прапануе наведвальнікам пагрузіцца ў "філасофію" керамікі Аляксандра Наўгародскага.
Самы старажытны прадмет з абпаленай гліны - керамічная статуэтка "Вестоницкой Венеры" - датуецца 29 - 25 тысячагоддзем да нашай эры. Мабыць, за ўвесь час існавання керамікі як рамяства, гэтая сфера сфармавала не толькі вызначаныя тэхналагічныя каноны, але і своеасаблівую "эстэтыку" і "міфалогію". Па "народнай" Бібліі, менавіта з гліны быў зроблены першы чалавек. Магчыма таму ад шматлікіх мастакоў-керамістаў вельмі часта можна пачуць: "Гліна - гэта жывы матэрыял".
Што тычыцца работ Алякснадра Наўгародскага, то яго кераміка - своеасаблівае "этна-падарожжа" па культурах свету. Так, у аздабленні работ мастака сустракаюцца рысы культуры як славянскіх народаў, так і "замежных" (Афрыка, Індыя, Кітай, Паўднёвая Амерыка, Аўстралія).
Гледзячы на кераміку мастака, мы можам адчуваць досыць выразна, як форма пераходзіць у арнаментыку, а тая, у сваю чаргу, падказвае каляровыя вырашэнні. Мы лічым, што большасць "сатварэнняў" Аляксандра нараджаюцца менавіта воднай стыхіяй. Гэта і яркія выразныя "рыбы-пано", і асаблівыя плаваючыя "контуры", нібы хвалі ўздымаюцца на паверхні яго работ, і колеравая гама (сінія, зялёныя і "пясочныя" колеры).
На выставе прадстаўлены дэкаратыўныя пано, аб'ёмныя скульптуры, імбрыкі, кубачкі, інтэр'ерныя вазы, музычныя духавыя інструменты і аўтарскія эскізы на паперы.
Мастакоў наогул можна называць дэміургамі, стваральнікамі Сусвету. Таму назвай для гэтай выставы паслужылі словы з Бібліі "Хай будзе цьвердзь пасярод вады … ", дзе Бог якраз знаходзіцца ў працэсе Вялікага стварэння.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).
Час: 26 траўня (пятніца) 2016 года, 16:00
Напярэдадні адкрыцця выставы, Аляксандр Наўгародскі правядзе майстар-клас па вырабе глінянай свістулькі.