Беларускія іконы ХVII – ХХ ст. з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці ім Ф.Р. Шклярава

Іконы, прадстаўленыя на выстаўцы ў асноўным паходзяць з паселішчаў Веткаўскага раёна і адносяцца да ХVІІІ – пачатку ХХ стст. Гэта абумоўлена не столькі перыферыйнасцю мясцовай культуры ў перыяд позняга сярэднявечча й Новага часу, колькі складанасцю канфесійных абставінаў ў нашым рэгіёне, а галоўнае, лёсам паселішчаў, што прайшлі праз войны і пажары апошняга стагоддзя. Гістарычная і канфесійная размаітасць культурных традыцый і сувязяў ў рэгіёне абумовіла існаванне надзвычайнай шматстайнасці твораў іканапісу па іканаграфіі, тэхніцы і стылю. У іх выразна адбіліся этапы працэса ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам. Найбольш паслядоўна гэта адбывалася ва ўніяцкім мастацтве: кананічныя сюжэты набывалі этнаграфічны характар, суправаджаліся бытавымі падрабязнасцямі, пры гэтым пераасэнсоўваліся вартасці светлаценевага жывапісу.

У якасці ўзораў кампазіцый шырока выкарыстоўваліся гравюры з беларускіх ды ўкраінскіх друкаваных выданняў. Перад намі масіўныя і спакойныя, эпічна абагульненыя вобразы народных святых – пакравіцеляў земляробства і дамашняга рамяства. У іконах, напісаных сельскімі майстрамі праглядае спадчына беларускай школы іканапісу з яе рэнесанснымі рысамі, альбо традыцыя сармацкага партрэта.

З той эпохі паходзіць традыцыя залатога прачаканенага ляўкаса, якая захоўваецца ў іконах бабіцкай іканапіснай школы ажно да канца ХІХ ст., няхай і ў спрошчаным варыянце. Так званыя бабіцкія абразы (па назве вёскі Бабічы Чачэрскага р-на дзе, па ўспамінах жыхароў здаўна пісаліся характэрныя творы і дзе адзначаны імёны апошніх майстроў) аб’яднаныя сістэмай тэхналагічных і мастацкіх прыёмаў, адмысловым творчым почыркам і агульнасцю найбольш распаўсюджаных іканаграфічных тыпаў, сярод якіх сустракаюцца як кананічныя праваслаўныя, так і заходнееўрапейскага паходжання.

Традыцыя эпохі барока прасочваецца ў цёмнафонавых іконах з імпульсіўнай манерай пісьма абліччаў і постацяў.Каларытзасноўваецца на энэргічным супроцьпастаўленні святла й ценю на падкрэсленай апазіцыі постацей і фонавай прасторы.Але і гэтыя стылевыя асаблівасці арганічна спалучаюцца з фальклорным мысленнем іканапісцаў, якія заўжды належалі да таго сацыяльнага слою, для якога прызначаліся іхнія творы.

Гісторыя іканапісных традыцый Гомельшчыны непарыўна звязаная з гісторыяй храмаў, па-большасьці разбуранных і занядбаных ў перыяд барацьбы з рэлігіяй. Гэтая выстаўка – спроба ўспомніць страчанае і вярнуцца да захаванага.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика